ПРЫКАСПІ́ЙСКАЯ НАФТАГАЗАНО́СНАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ Размешчана ў Прыкаспійскай нізіне, у Зах.-Казахстанскай, Атыраўскай Мангістаўскай і Акцюбінскай абласцях Казахстана, Калмыкіі, Валгаградскай, Саратаўскай і Астраханскай абласцях Расіі. Пл. 500 тыс. км². Першае радовішча адкрыта ў канцы 19 ст. Да 1985 адкрыты 104 радовішчы, у т. л. Кенкіякскае, Жанажольскае, Тэнгізскае, Астраханскае. Прымеркавана да аднайменнай сінеклізы. Прамысл. нафтагазаноснасць звязана з адкладамі падсалявой тоўшчы, дзе вылучаны 4 прадуктыўныя комплексы дэвонска-пермскага ўзросту (агульнай магутнасцю 3—13 км) і 38 пакладаў з метананафтэнавай нафтай, шчыльн. 823—833 кг/м³; і надсалявой тоўшчай — 2 прадуктыўныя комплексы верхняпермска-ніжнемелавога ўзросту (агульнай магутнасцю 2—8 км), больш за 470 пакладаў з метананафтэнавай нафтай, шчыльн. 880 кг/м³.
т. 13, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)